«ГРАМАВЫ́ ЎДАР»,
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан і насельніцтва ў трохвугольніку чыгунак Віцебск—Полацк—Невель на тэр. Віцебскага, Гарадоцкага, Мехаўскага, Полацкага і Сіроцінскага р-наў у сак.—крас. 1943. Праводзілася ў 2 этапы (21—27 сак. і 28 сак. — 2 крас. 1943) сіламі ахоўнай дывізіі, 4 ахоўных батальёнаў, батальёна з палка «Брандэнбург», 2 танк. узводаў, артыл. і сапёрных падраздзяленняў. Асн. сілы партызан брыгад імя С.М.Кароткіна, 3-й і 4-й Бел. і «За Савецкую Беларусь» з баямі выйшлі з-пад удараў карнікаў. У ходзе аперацыі карнікі загубілі 542 чал., вывезлі ў Германію 345 чал., разам з жыхарамі спалілі вёскі Задобрыя, Чытавухі Гарадоцкага, Дражакі, Заазер’е, Зуева, Лапакова, Шчамілаўка і Ямішча Сіроцінскага р-наў.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)